Дзяржаўная ўстанова адукацыі
“Ленінскі дзіцячы сад-базавая школа”
АПІСАННЕ ВОПЫТУ ПЕДАГАГІЧНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ
“ВЫКАРЫСТАННЕ ІНТЭРАКТЫЎНЫХ МЕТАДАЎ ЯК СРОДАК АКТЫВІЗАЦЫІ ПАЗНАВАЛЬНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ ВУЧНЯЎ НА ЎРОКАХ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ І ЛІТАРАТУРЫ”
Сямёнава Таццяна Алегаўна,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
8 (029) 162-63-88
Уводзіны
Сучаснае грамадства чакае ад школы ініцыятыўных, творчых выпускнікоў з шырокім кругаглядам і трывалымі ведамі. З асабістага вопыту і назіранняў ведаю, што існуе праблема знікнення пазнавальнага інтарэсу навучэнцаў да навучання, і як вынік, адбываецца зніжэнне паспяховасці. Узнікаюць пытанні: як пазбегнуць гэтага? Як зрабіць навучанне цікавым для навучэнцаў? Як разбудзіць у вучня імкненне працаваць над сабою?
На маю думку, высокай актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў на ўроках беларускай мовы і літаратуры можна дасягнуць, ствараючы ў ходзе навучання сітуацыю поспеху для кожнага вучня, звязаную з павышэннем цікавасці да вывучэння прадмета і ростам іх патрэб да пазнання. Такім патрабаванням адпавядаюць сучасныя інтэрактыўныя метады навучання, у аснове якіх ляжыць сумесная пазнавальная дзейнасць настаўніка і вучняў.
Згодна з С.С.Кашлевым, “…інтэрактыўны метад зарыентаваны на шырокае ўзаемадзеянне вучняў не толькі з настаўнікам, але і адно з адным і на дамініраванне актыўнасці вучняў у працэсе навучання. У інтэрактыўным навучанні змяняецца ўзаемадзеянне педагога і вучня: актыўнасць педагога саступае месца актыўнасці вучняў, а задачай педагога становіцца стварэнне ўмоў для іх ініцыятывы”. [4, с.224].
Інтэрактыўныя метады дазваляюць развіваць мысленне навучэнцаў, садзейнічаюць іх уцягненню ў рашэнне праблем, не толькі пашыраюць і паглыбляюць веды, але адначасова развіваюць практычныя ўменні і навыкі. У інтэрактыўным навучанні прыцягваецца асобасны вопыт вучня, ажыццяўляецца адрасная карэкціроўка ведаў, аптымальны вынік дасягаецца праз супрацоўніцтва, сатворчасць, самастойнасць і свабоду выбару, вучань аналізуе ўласную дзейнасць.
Мэта маёй работы – абгрунтаванне мэтазгоднасці выкарыстання інтэрактыўных метадаў навучання на ўроках беларускай мовы і літаратуры як сродак актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў.
Задачы:
1. Сістэматызаваць сродкі арганізацыі пазнавальнай дзейнасці праз выкарыстанне інтэрактыўных метадаў навучання на ўроках па беларускай мове і літаратуры.
2. Паказаць, на якіх этапах урока мэтазгодна карыстацца інтэрактыўнымі формамі работы ў працэсе арганізацыі вучэбнай дзейнасці.
3. Вызначыць крытэрыі выніковасці пры выкарыстанні інтэрактыўных метадаў навучання на ўроках па беларускай мове і літаратуры.
Навізна: упершыню абагульнены вопыт па развіцці пазнавальнай актыўнасці праз выкарыстанне інтэрактыўных метадаў работы на ўроках беларускай мовы і літаратуры ў рамках сваёй установы адукацыі.
Гіпотэза: вылучым меркаванне аб тым, што прымяненне інтэрактыўных метадаў навучання на ўроках спрыяе павышэнню пазнавальнай цікавасці вучняў па прадметах, а такім чынам і павышэнню якасці адукацыйнага працэсу.
Практычная значнасць: магчымасць павышэння якасці навучання праз выкарыстанне інтэрактыўных метадаў.
Вядучай ідэяй маёй педагагічнай дзейнасці з’яўляецца матываваная праца па павышэнню цікавасці вучняў да ўрокаў беларускай мовы і літаратуры праз прымяненне інтэрактыўных форм работы .
Актуальнасць выбранай тэмы вызначана наступным: сёння на першае месца выходзіць праблема ўкаранення эфектыўных адукацыйных тэхналогій, галоўная задача якіх – не толькі вучыць школьнікаў, але і навучыць іх вучыцца; не толькі даваць веды, але і развіваць асобу. Адным з варыянтаў рашэння дадзенай праблемы з’яўляецца ўкараненне ў адукацыйны працэс інтэрактыўных метадаў навучання.
Практычнае выкарыстанне інтэрактыўных метадаў навучання на ўроках беларускай мовы і літаратуры
Выкарыстанне розных інтэрактыўных метадаў на ўроках беларускай мовы і літаратуры вядзе да абуджэння цікавасці да прадметаў, што дапамагае актывізаваць пазнавальную дзейнасць школьнікаў, а гэта, у сваю чаргу, не можа не ўздзейнічаць на фарміраванне матывацыі да навучання. Зацікаўленае дзіця мае больш высокую матывацыю ў параўнанні з дзіцём пасіўным, абыякавым. Поспехі ж у навучанні падбадзёрваюць, натхняюць вучня, дапамагаюць яму раскрыцца як асобе.
Каб выхаваць у вучня здаровае імкненне да дасягнення вызначанай мэты, настаўнік сам павінен адчуваць цікавасць да сваёй дзейнасці і аб’ектыўна ставіцца да поспехаў і няўдач вучняў. Менавіта на развіццё ўстойлівай пазнавальнай цікавасці вучняў я і раблю акцэнт у сваёй педагагічнай дзейнасці. Я стараюся выкарыстоўваць розныя формы ўрокаў, старанна прадумваю метады і прыёмы падачы вучэбнага матэрыялу. Імкнуся, каб матэрыял быў яркім, займальным. Гэта заахвочвае вучняў слухаць тое, што кажа настаўнік, цалкам уключацца ў працэс пазнання.
За гады сваёй працы я зразумела, што на ўроках беларускай мовы важна своечасовае чаргаванне розных заняткаў, больш напружаных разумовых дзеянняў і кароткачасовых расслабленняў, якія даюць неабходны адпачынак, накіраваны на зберажэнне фізічнага і псіхічнага здароўя дзяцей. Гэта ўмацоўвае працаздольнасць школьнікаў і іх жаданне авалодаць ведамі.
Акрамя таго, я заўсёды памятаю, што цікавасць выклікае толькі карыснае і актуальнае, і з гэтага пункту гледжання рыхтую матэрыял да ўрокаў. Імкнуся стварыць сітуацыю поспеху на кожным уроку, так як гэта самы эфектыўны стымул пазнавальнай дзейнасці. Адзнака таксама з’яўляецца важным стымулам. Таму пры яе выстаўленні стараюся быць максімальна добразычлівай да вучняў.
Магчымасці інтэрактыўнага навучання выкарыстоўваю на розных этапах урока. Пачаць яго можна пры дапамозе метадаў стварэння спрыяльнай атмасферы: памяняемся месцамі, падары кветку, алітэрацыя імені, камплімент. Гэта не што іншае як зычайны арганізацыйны момант. Стварэнне канструктыўнай атмасферы – важная ўмова паспяховай выніковасці вучэбных заняткаў.
Метад “Памяняемся месцамі” часцей за ўсё выкарыстоўваю ў 5 – 7
класах. Дзеці становяцца ў круг. Прапаноўваю памяняцца месцамі тых, хто ўжо прачнуўся; хто прагне дзейнасці; хто піў на сняданак чай або каву; у каго добры настрой; хто хоча даведацца пра што-небудзь новае. Пытанні мне часта падказваць дзеці. Тыя вучні, якія адказваюць на пытанне станоўча, хутка пераходзяць са свайго месца на іншае, што вызвалілася. Калі ўдзельнікі адказваюць на пытанне адмоўна, яны застаюцца на сваіх месцах (дадатак 2).
Гэты метад выкарыстоўваю і на этапе рэфлексіі. У такім выпадку прапаноўваю памяняцца месцамі тых, хто задаволены сваёй працай на ўроку або хто не задаволены; каму цяжка вызначыць свой эмацыянальны стан; хто чамусьці навучыўся; хто высока ацэньвае змест урока; хто працаваў творча, а не па шаблоне; хто стаміўся; хто хоча працягваць працу.
Метад “Падары кветку” рэалізую на працягу 3 -5 хвілін. Даю любому вучню кветку з тлумачэннем, чаму гэта зрабіла; у сваю чаргу вучань дорыць кветку каму-небудзь з аднакласнікаў, пры гэтым тлумачачы, чаму гэта робіць. Рэалізацыя метаду заканчваецца тады, калі кветка пабудзе ў многіх удзельнікаў і, магчыма, вернецца да мяне.
Пры рэалізацыі гэтых метадаў улічваю ўзроставыя і псіхалагічныя асаблівасці вучняў. Названыя метады дапамагаюць мне выявіць ступень згуртаванасці калектыву.
На этапе актуалізацыі суб’ектнага вопыту вучняў забяспечваецца матывацыя і адбываецца ўключэнне іх у сумесную дзейнасць. Таму вельмі часта звяртаюся да метадаў “Закончы фразу”, “Кошык ідэй”, “Альтэрнатыўны тэст”.
Падчас выкарыстання метаду “Закончы фразу” прапаноўваю вучням канверт, у якім ляжаць карткі з незакончанымі сказамі па пэўнай тэме. Вучні па чарзе бяруць карткі з канверта, чытаюць сказы, вусна заканчваюць іх. З дапамогай гэтага метаду адбываецца падрыхтоўка вучняў да працы на асноўным этапе ўрока (дадатак 2).
Гэты метад, іншы раз, рэалізоўваю вось такім чынам: прапаную вучням запісаць на паперы пачатак сказа, які яны індывідуальна заканчваюць, занатоўваючы на паперы. Праз некалькі хвілін збіраю лісткі і прапаноўваю двум вучням зафіксаваць тыя варыянты, якія не паўтараюцца. Затым вучні робяць падагульненні. Я падсумоўваю вынікі і прапаную ўласны пункт погляду. Гэты варыянт метаду дазваляе мне аператыўна ўключыць у працу ўсіх навучэнцаў.
Пры выкарыстанні метаду “Кошык ідэй” даю магчымасць вучням выявіць усё, што яны ведаюць па тэме. Пры гэтым назва тэмы можа суправаджацца графічнай апорай, утрымліваючы асноўныя паняцці.
Прапаную вучням звярнуцца да тэста (запісаны на дошцы і ёсць у кожнага вучня) ў працэсе выкарыстання метаду “Альтэрнатыўны тэст”. Дзеці выбіраюць з тэста тыя факты, якія, на іх думку, з’яўляюцца правільнымі. Потым звяртаю ўвагу вучняў на тое, што па некаторых пунктах тэста ў іх, напэўна, узніклі пытанні, і прапаную ў сумесным пошуку знайсці правільныя адказы. Падчас падвядзення вынікаў вучні рыхтуюць вуснае выказванне па тэме, абапіраючыся на новыя веды.
На аперацыйна-пазнавальным этапе, задача якога – арганізаваць мэтанакіраваную пазнавальную дзейнасць вучняў па засваенні новых ведаў, я прапаную выкарыстоўваць інтэрактыўныя метады, якія дазваляюць стварыць сітуацыю ўзаемадзеяння. На мой погляд, самыя трывалыя веды – гэта веды, здабытыя навучэнцамі самастойна, веды, якія з’яўляюцца вынікам дзейнасці дзіцяці. Пры гэтым змяняецца роля педагога: “настаўнік становіцца не рэтранслятарам навуковых звестак, ён не дорыць веды ў гатовым выглядзе, а паказвае , якім чынам іх здабываць, не падае інфармацыю, а заахвочвае да яе пошуку, забяспечвае ўмовы для стварэння навучэнцамі ўласных тэорый і высноў”. [7, с.15]
Часцей за ўсё на гэтым этапе ўрока карыстаюся метадам “Выберы пазіцыю”. Прапаную праблемнае пытанне, два супрацьлеглыя пункты погляду і тры пазіцыі: “Так” (за першую прапанову), “Не” (за другую прапанову), “Не ведаю, не вызначыў уласную пазіцыю” (за трэцюю прапанову). Вучні класа выбіраюць пэўную пазіцыю, фарміруюць тры групы, абгаворваюць правільнасць сваёй пазіцыі. Адзін член кожнай групы аргументуе свой выбар, пасля чаго адбываецца калектыўнае абмеркаванне праблемы і прыняцце правільнага рашэння. Гэты метад дапамагае арганізаваць у класе калектыўную, групавую і індывідуальную работу.
На этапе замацавання новых ведаў і спосабаў дзейнасці прапаную метад “Лагічны ланцужок”. На аснове гэтага метаду актывізуецца пазнавальная дзейнасць вучняў праз арганізацыю лексічнай камунікацыі і сэнсатворчасці.
Загадзя рыхтую карткі-звёны 2 лагічных ланцужкоў. Кожнаму вучню прапаную на выбар адну з картак, на якой напісана слова ці словазлучэнне. Гэта картка і яе ўладальнік з’яўляюцца адным са звёнаў ланцужка, які неабходна пабудаваць у пэўнай логіцы. Карткі перамешваю і пераварачваю, каб дзеці не бачылі, што на іх напісана. Затым вучні выцягваюць карткі. У выніку гутаркі паміж сабой яны будуюць два лагічныя ланцужкі – адзін злева, другі справа. Пры гэтым неабходна патлумачыць логіку пабудовы ланцужка і размяшчэнне яго звёнаў. На першай картцы, якой пачынаецца лагічны ланцужок, павінна быць слова, што дае назву ўсяму лагічнаму ланцужку. Мая задача – карэкціраваць і стымуляваць узаемадзеянне, каб пазбегнуць страты часу.
Метадам “Лагічны ланцужок” вельмі часта карыстаюся пры правядзенні фізкультхфілінкі. Перад пачаткам урока на спінках стулаў прымацоўваю карткі-звёны. Па камандзе вучні хуценька складаюць лагічныя ланцужкі і прымацоўваюць на дошку (дадатак 1).
Падчас правядзення фізкультхвілінкі выкарыстоўваю метад “Хто хутчэй”. Дэманструю вучням два канверты, у якім знаходзяцца вядомыя беларускія прыказкі: тэксты раздзелены папалам і пераблытаны. Неабходна ўзнавіць як мага больш беларускіх прыказак.
Наступны цікавы метад – “Трымайся да перамогі”. Выкарыстоўваю яго для праверкі тэарэтычных ведаў вучняў. Кожнаму з іх па чарзе задаю пытанне па тэме. Той, хто адказвае правільна, працягвае ўдзел у гульні. Перамагае вучань, які змог адолець усе пытанні, у тым ліку і тры фінальныя. Такую работу можна праводзіць па групах, калі адна з іх задае пытанні, а другая адказае.
Метад “Прэс-канферэнцыя” прыдатны для выкарыстання на ўроках падагульнення і сістэматызацыі пасля вывучэння любой тэмы. Аб’яўляю тэму прэс-канферэнцыі і прапаную вучням выбраць эксперта (можна выбраць двух экспертаў), якому астатнія вучні, яны ж – удзельнікі прэс-канферэнцыі, будуць задаваць пытанні па заяўленай тэме. Пасля таго як усе пытанні зададзены, прапаную вучням выказаць свае меркаванні наконт прэс-канферэнцыі і адказаў “спецыялістаў”.
Універсальным метадам , які не мае ні ўзроставых, ні змястоўных межаў, з’яўляецца “Алфавіт”. Яго выкарыстоўваю з вучнямі любога ўзросту. Да ўрока рыхтую тэхналагічную карту – ліст ватману, на якім зверху ўніз з левага боку запісваю алфавіт ( за выключэннем літар, з якіх не можа пачынацца слова).Для рэалізацыі метаду прапаноўваю лінгвістычныя тэрміны, тэмы ўрокаў. Вучні пачынаюць запаўняць тэхналагічную карту ў пары і заканчваюць тады, калі ля дошкі пабываюць усе вучні хаця б па адным разе , або тады, калі на кожную літару алфавіта на тэхналагічнай карце запісана хаця б адно слова-паняцце (дадатак 1).
Прыём “Алітэрацыя імені” таксама вельмі дзейсны на этапе падагульнення і сістэматызацыі. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Прыдатак як разнавіднасць азначэння” вучням прапаную падабраць прыдатак на тую ж літару, з якой пачынаецца іх імя, каб прыдатак раскрыў іх характар: Алена-аптымістка, Кірыл- калектыў, Ксенія- кнігалюб, Наталля-непаседа (дадатак 1).
Немагчыма ўявіць сучасны ўрок без рэфлексіўнага этапу. На гэтым этапе вучні і настаўнік аналізуюць свой эмацыянальны стан, адзначаюць сваю актыўнасць альбо пасіўнасць, даюць псіхалагічную ацэнку сваёй дзейнасці. Вось тут на дапамогу прыходзяць наступныя метады: “Закончы сказ”, “Ланцужок пажаданняў”, “Рэфлексіўны рынг”.
На стадыі рэфлексіі вельмі часта прапаную вучням метад “Ланцужок пажаданняў”. Кожнаму вучню ў пэўнай паслядоўнасці прапаную звярнуцца з пажаданнямі да сябе і іншых па выніках узаемадзеяння. Пажаданні могуць быць накіраваны на будучае ўзаемадзеянне. Я падводжу вынікі і заканчваю ўрок.
Яшчэ адзін рэфлексіўны метад, якім я карыстаюся, называецца “Ключавое слова”. Навучэнцы запісваюць на аркушах усяго адно слова, з якім асацыіруецца іх дзейнасць на ўроку, і прымацоўваюць на дошцы. Па жаданні яны называюць, агучваюць запісаныя словы.
Цікавай формай рэфлексіі з’яўляецца прыём “Сінквейн”. Вучні складаюць верш, які патрабуе аналізу, сінтэзу і абагульнення інфармацыі ў кароткіх выразах (дадатак 1).
Прыклады можна было б доўжыць, але як бачна з прыведзеных мною, выкарыстанне інтэрактыўных метадаў дае шырокую прастору для творчых пошукаў настаўніка.
Урокі з выкарыстаннем інтэрактыўных метадаў і прыёмаў падабаюцца вучням. Дзеці з жаданнем ідуць на ўрок, таму што ўсе навучэнцы аказваюцца ўцягнутымі ў працэс пазнання, яны маюць магчымасць разумець і рэфлексаваць з нагоды таго, што яны ведаюць і думаюць. Пры параўнанні з традыцыйным навучаннем у інтэрактыўным навучанні змяняецца ўзаемадзеянне педагога і навучэнцаў: мая актыўнасць на ўроках саступае месца актыўнасці вучняў, а маёй задачай становіцца стварэнне ўмоў для ініцыятывы.
На падставе прыведзеных прыкладаў выкарыстання інтэрактыўных метадаў на занятках беларускай мовы і літаратуры можна зрабіць наступныя вывады:
1. Інтэрактыўныя метады з’яўляюцца даволі ўніверсальнымі: яны могуць выкарыстоўвацца на розных этапах урока (пры праверцы дамашняга задання, пры вывучэнні новай тэмы, на этапе рэлексіі).
2. Выкарыстанне названых метадаў не патрабуе падрыхтоўкі вялікай колькасці нагляднага матэрыялу.
3. Пры ўвядзенні інтэрактыўных метадаў ствараецца атмасфера добразычлівасці, фарміруецца станоўчая матывацыя да навучання, стымулюецца актыўная пазнавальная праца навучэнцаў, мабілізуецца іх творчы патэнцыял.
Выкарыстанне ў сваёй рабоце інтэрактыўных метадаў навучання дае свае
вынікі. Вучні нашай школы кожны год актыўна ўдзельнічаюць у Міжнародным конкурсе па беларускай мове “Буслік”, конкурсе рытарычнага майстэрства “Гавары са мной па-беларуску” і паказваюць добрыя вынікі.
А такія вучні як Зур Яўгенія, Зур Настасся неаднаразова станавіліся пераможцамі першага этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове, прымалі ўдзел у другім этапе.
Мною было праведзена анкетаванне вучняў з мэтай дыягностыкі пазнавальных інтарэсаў у вучняў. (Дадатак 3)
Мэта першай анкеты – выявіць адносіны вучняў да пераадолення цяжкасцяў па беларускай мове. Вынікі настуныя:
13 вучняў (76%) жадаюць пераадольваць цяжкасці вывучэння прадмета;
3 вучні (18%) хутчэй за жадаюць пераадольваць цяжкасці вывучэння прадмета, чым не жадаюць;
1 вучань (6%) хутчэй не жадае пераадольваць цяжкасці вывучэння прадмета, чым жадае.
Мэта другой анкеты - прааналізаваць эмацыянальны стан вучняў у працэсе пераадолення цяжкасцяў вывучэння беларускай мовы.
Вынікі:
13 вучням (76%) цяжкасці вывучэння беларускай мовы прымальныя;
3 вучням (18%) цяжкасці вывучэння прадмета хутчэй прымальныя, чым непрымальныя;
1 вучню (6%) цяжкасці вывучэння прадмета хутчэй непрымальныя, чым прымальныя.
На падставе анкетавання можна зрабіць выснову: цікавасць да вучобы, жаданне пераадольваць цяжкасці ў вывучэнні, эмацыянальны стан вучняў ўзаемаабумоўлены. І тыя вучні, якія жадаюць вывучаць прадмет, жадаюць і пераадольваць цяжкасці вывучэння прадмета і гэтыя цяжкасці ім прыемныя. Як і наадварот: тыя, якія, хутчэй, не жадаюць вывучаць прадмет, чым жадаюць, хутчэй не жадаюць пераадольваць цяжкасці вывучэння прадмета, чым жадаюць, і адпаведна, цяжкасці вывучэння прадмета ім хутчэй непрымальныя, чым прымальныя.
Заканчэнне
У дадзенай працы была зроблена спроба пазнаёміць з некаторымі інтэрактыўнымі метадамі, якія з’яўляюцца не мэтай, а сродкам актывізацыі пазнавальнай дзейнасці на ўроках беларускай мовы і літаратуры. Падчас такой дзейнасці вучні атрымліваюць новыя веды, здабытыя ў працэсе ўзаемадзеяння. Такія веды будуць больш трывалымі, свядомымі, а гэта значыць, больш якаснымі.
Як паказвае вопыт, пры арганізацыі на ўроках інтэрактыўнага ўзаемадзеяння рэзка памяншаецца колькасць часу, які неабходна патраціць на тое, каб атрымаць “якасны адукацыйны прадукт”. Гэтыя метады дазваляюць за кароткі прамежак часу ўцягнуць у сур’ёзную дзейнасць увесь клас, убачыць у дзеянні кожнага вучня. Вынікам інтэрактыўнага ўзаемадзеяння заўсёды бывае сітуацыя поспеху, таму што праз сумесную дзейнасць настаўніка і вучняў дасягаюцца мэты ўрока, знікаюць канфліктныя сітуацыі, вучні ўзбагачаюць свой камунікатыўны вопыт.
Напрацоўкамі са свайго вопыту я знаёмлю калег на пасяджэннях метадычнага аб’яднання настаўнікаў грамадска-гуманітарных прадметаў, бо з’яўляюся кіраўніком гэтага аб’яднання ў школе.
Вопыт можа быць карысным не толькі настаўнікам-філолагам. Кожны настаўнік-практык пры жаданні знойдзе вельмі шмат спосабаў зрабіць інтэрактыўныя метады эфектыўнымі ў канкрэтным класе. Невыпадковым з’яўляецца ўкараненне такога роду метадаў у разнастайныя сферы жыцця. Кожны дзень шматлікія тэлевізійныя каналы і радыёстанцыі прапаноўваюць нам мноства інтэрактыўных ток-шоу. Прэса заклікае чытачоў да інтэрактыўных зносін на старонках газет і часопісаў. А самым яскравым прыкладам інтэрактыўнай папулярнасці на сённяшні дзень з’яўляецца інтэрнэт.
Спіс выкарыстанай літаратуры
1.Адзіянава, І.А. Інтэрактыўныя метады і прыёмы як сродак стымулявання пазнавальнай актыўнасці вучняў / І.А. Адзіянава // Народная асвета. – 2015. - №2 – С. 67 – 69.
2. Бельскі, А.І. Мэты, задачы літаратурнага навучання і інтэрактыўная творчасць / А.І. Бельскі // Беларуская мова і літаратура. – 2009. - №12. – С. 52 – 56.
3. Герасімовіч, А.І. Выкарыстанне інтэрактыўных метадаў навучання на ўроках беларускай мовы і літаратуры / А.І. Герасімовіч // Беларуская мова і літаратура. – 2015. - №5. – С. 22 – 25.
4. Жуковіч, М.В. Сучасныя педагагічныя тэхналогіі на ўроках беларускай мовы і літаратуры / М.В. Жуковіч. – Мінск: Сэр-Віт, 2007. – С. 24 – 29.
5. Кандратовіч, А.П. Выкарыстанне інтэрактыўных метадаў як сродак актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў / А.П. Кандратовіч // Беларуская мова і літаратура. –2010. - №6 – С. 45 – 50.
6. Кашлев, С.С. Интерактивные методы обучения: уч.-метод. Пособие / С.С. Кашлев. – Минск: ТетраСистемс, 2011. – С. 224.
7. Кухараў, М.У. Фарміраванне і дыягностыка пазнавальных інтарэсаў вучняў: Навукова-метадычныя рэкамендацыі. – Гомель: УА “ГГОИПК», 2004. – С. 18.
8. Руцкая, А.В., Грынько, М.У. Актывізацыя пазнавальнай дзейнасці вучняў: інтэрактыўныя метады навучання літаратуры / А.В. Руцкая, М.У.Грынько // Беларуская мова і літаратура. – 2015. - №2 – С. 6 – 11.
9. Саннікава, Т.У. Развіццё камунікатыўных уменняў сродкамі інтэрактыўнага навучання / Т.У. Саннікава // Беларуская мова і літаратура. – 2016. - №8 – С. 29 – 37.
10. Саўко, У.П. Развіцё маўлення школьнікаў пры вывучэнні марфалогіі (назоўніка і прыметніка) / У.П. Саўко. – Мінск: Беллітфонд, 2000. – С. 15.