Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Ленінскі дзіцячы сад-базавая школа”
Конкурс метадычных распрацовак
для дзяцей дашкольнага ўзросту
з выкарыстаннем ІКТ і ЭСН
Занятак па развіцці маўлення і культуры маўленчых зносін
у рознаўзроставай групе “ПРЫГОДЫ ЛІСЦІКА”
Буйкевіч Тамара Аляксееўна
выхавацель рознаўзроставай групы
дзяржаўнай установы адукацыі
“Ленінскі дзіцячы сад-базавая школа”
Леніна, 2016
Занятак па развіцці маўлення і культуры маўленчых зносін
“ПРЫГОДЫ ЛІСЦІКА”
ЗАДАЧЫ: Старэйшая група. Вучыць складаць апісанне па малюнку, пашырыць актыўны слоўнік дзяцей якаснымі прыметнікамі, правільна скланяць словазлучэнне “жоўтае лісце”, утвараць складаныя словы з двух іншых (белы лоб – белалобы), разумець і тлумачыць вобразныя выразы “залатая восень”, “лісце-жар”, вучыць правільна называць дзіцянят жывел; развіваць уяўленне, вуснае маўленне дзяцей ; выхоўваць беражлівыя адносіны і любоў да прыроды.
Сярэдняя група. Фарміраваць уменне складаць невялікае апісанне па малюнку, актывізаваць уменне правільна дапасоўваць прыметнікі да назоўнікаў ( жоўтае лісце), вучыць утвараць мянушкі жывел у залежнасці ад іх знешняга выгляду, ужываць сінонімы; развіваць уяўленне, вуснае маўленне дзяцей; выхоўваць беражлівыя адносіны і любоў да прыроды.
ХОД ЗАНЯТКА:
Арганізацыйны момант: (дзеці размяшчаюцца ля акна).
Выхавацель:
-Дзеці, якое сёння надвор е?
Адказы дзяцей (сонечнае, асенняе, цёплае, сухое і г.д.)
Выхавацель:
-А якая ў нас за акном пара года?
Адказы дзяцей (восень).
Выхавацель:
-Звярніце ўвагу на бярозку, якая расце ў нас за акном. Якая яна?
Адказы дзяцей (высокая, прыгожая, сумная, залатая і г.д.)
Выхавацель:
-Ну, а зараз сядайце, мае любыя, сёння я раскажу вам казачку пра бярозавы лісточак.
Выхавацель:
Жыў-быў у матулі-бярозкі маленькі лісточак. І такі ён быў цікаўны, так хацеў усё ведаць, усюды паспець, што матуля назвала яго Гарэзай. Яшчэ бярозка салодка спала, як Гарэза-лісточак прачнуўся, працёр кулакамі вочкі і ціха выслізнуў з матуліных абдымкаў.
-Я толькі на хвілінку, гляну як там на зямлі і хуценька вярнуся, - падумаў лісцік.
Фізкультмінутка “Асеннія лісточкі”(давайце ўявім сабе, як ляцеў лісцік).
Выхавацель:
-І вось лісцік зазірнуў у госці да нас у дзіцячы садок. Давайце разгледзім лісцік і бліжэй з ім пазнаёмімся. Апішыце словамі. Які лісцік?
Слайд №1.
Адказы дзяцей (прыгожы, жоўты, залаты, лёгкі, бярозавы, шаўкавісты і г.д.)
Выхавацель:
-Пакуль лісцік да нас ляцеў, ён ўбачыў многа цікавага і прынёс нам карцінкі. (Разглядванне карцінак з восеньскім пейзажам і вуснае апісанне ўбачанага).
Слайды №2,3,4.
Выхавацель:
-У прыгожым казачным лесе лісцік сустрэў жывёл і птушак, але не ведае іх назвы. Давайце дапаможам лісціку.
Дэманструюцца слайды №5,6,7,8,9,10 (жывёлы), слайды №11,12,13 (птушкі). Дзеці называюць жывёл і птушак.
Выхавацель прапануе дзецям стаць у круг.
Гульня з мячом “Вялікі-маленькі” (Выхавацель называе жывел і птушак і кідае мяч удзельніку гульні, дзеці прагаворваюць назву дзіцянят гэтай жывёлы).
Выхавацель:
-Калі лісцік пралятаў над вёскай, яму сустрэлася прыгожая дружная сямейка коцікаў і сабачак. Давайце дадзім гэтым коцікам і сабачкам мянушкі па іх знешніх прызнаках.
Дэманструюцца слайды №14,15.
Адказы дзяцей (Пушысцік, Рыжык, Бельчык, Чарныш, Белалапік і інш.)
Выхаванцы сярэдняга ўзросту пакідаюць занятак.
Выхавацель:
-Дзеці, і ты, дарагі лісцік, паслухайце верш (верш чытае адзін з дзяцей).
На дарозе – лісце-жар.
Па лясах –
Пажар, пажар,
Ліска збочыла з дарогі:
Яшчэ тут ногі!
-Аб якой пары года ідзе размова ў вершы?
-Як вы зразумелі выраз “лісце-жар”?
Адказы дзяцей (лісце жоўтае і чырвонае, падобнае на жар ад агню).
Выхавацель:
-А зараз я прапаную вам, дзеці, прыдумаць канцоўку казкі.
Дзеці прыдумваюць, чым скончыліся прыгоды лісціка.
Выхавацель:
-Я прапаную выразіць настрой, з якім вы пакідаеце занятак фізкультмінуткай “Як жывеш?”